“Якія стымулы прымушаюць чыноўнікаў пагаршаць гарадское асяроддзе?”. На праспекце Незалежнасці ды вуліцы Сурганава цягнецца супрацьстаянне забудове

Другога жніўня скончылася грамадскае абмеркаванне плана дэтальнага планавання тэрыторыі ў межах праспекта Незалежнасці — вуліцы Сурганава — мяжы тэрыторыі Батанічнага сада. У лісце ў рэдакцыю Зялёнага партала мясцовыя абазвалі ўсё гэта дзейства — "горадабудаўнічым злачынствам".

"Ля любімага мінчанамі Палаца воднага спорта і прылягаючых дварах па праспекце ўлады вось-вось узгадняць будаўніцтва некалькіх камерцыйных аб'ектаў: офіснага і гандлёвага цэнтраў з паркоўкамі, нейкага “рэабілітацыйнага цэнтра. Гандаль і офісы плануецца размясціць паміж будынкам Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі па вуліцы Сурганава, і стадыёнам САК “Алімпійскі. А “реабілітацыйны цэнтр невядомай арыентацыі хочуць уціснуць у зялёны, утульны, абжыты двор дамоў №72-78 па праспекце Незалежнасці", — апісваюць у лісце праблему жыхары квартала.

Нагадаем, цэнтр па рэабілітацыі, у адпаведнасці з градабудаўнічым праектам, мусіць з'явіцца на месцы гаражоў. А таксама "захопіць" добры кавалак зялёнай дваравой зоны.

Пра намеры ўладаў правесці такія пераўтварэнні жыхары квартала даведаліся з аб'явак на пад'ездах дамоў з запрашэннем прыняць удзел у грамадскіх абмеркаваннях і сустрэчы ў іх рамках.

Не губляючы часу мясцовыя правялі свой сход, на якім сфарміравалі ініцыятыўную групу, што занялася вывучэннем праектнай дакументацыі і напрацоўкай заўваг да яе.

Аднак сустрэча з чыноўнікамі і прадстаўнікамі праектнай арганізацыі ў рамках абмеркавання прайшла няхай і горача, але "ў пустую" для саміх людзей, бо ні на адно пытанне ці заўвагу адказаў пачуць ім не ўдалося.

· Пусты прэзідыум і халівар. У Першамайскім раёне прайшло абмеркаванне ПДП па праспекце Незалежнасці-вуліцы Сурганава

"Відавочна, ніхто не падумаў пра такую элементарную рэч, як транспартная даступнасць, — кажуць жыхары квартала. — Вуліца Сурганава, з якой існуе адзіны пад'езд да будучых офісаў і гандлёвага цэнтра, моцна перагружана яшчэ да іх узвядзення: у гэтым месцы яна (вуліца — тлумачэнне аўтара) стаіць у заторы большую частку кожнага працоўнага дня. Акрамя таго цэнтру без усялякага сумневу будзе зарганізавана свая паркоўка, створаная за кошт дрэваў і зялёных насаджэнняўмі. Ды й не сакрэт, што “рэабілітацыйныя цэнтры” у падобных месцах у выніку будаўніцтва ператвараюцца ў жылыя дамы бізнас-класа".

Да ўсяго, мясцовыя заўважаюць, што забудаваць пляцоўку камерцыйнымі аб'ектамі. Калі на тое пайшло, само месца і яго прызначэнне мяркуе тэматычныя збудаванні — спартыўнага ці навуковага кірунку.

"Напрыклад, паміж інстытутам і стадыёнам магла б з’явіцца школа алімпійскага рэзерва па водным відам спорта, ці ліцэй для таленавітых дзяцей са спецыялізацыяй па інфарматыцы, калі краіна аб'явіла курс да ІТ-нацыі. А на месцы гаражоў у двары, калі ўсё ж іх зносіць, сам бог і цывілізаваныя горадабудаўнічыя нормы кажуць пра сквер ці стварэнне азеленай дзіцячай пляцоўкі, дзе дзеці з бабулямі і дзядулямі маглі б схавацца ад патоку аўтамабіляў", — заўважаюць яны.

· “У нашым двары не хапае эстэтыкі… І дрэвы тут ні пры чым”. Як мінчукі адстаялі 25 дрэў у сваім двары.

Да разбіральніцтва ў праблеме мясцовыя жыхары прыцягнулі дэпутата. Літаральна ў апошнія дні тэрміну правядзення абмеркавання жыхары сустрэліся з Максімам Місько ля тых самых гаражоў. Народны выбраннік уважліва выслухаў заўвагі людзей, паабяцаўшы данесці пазіцыю жыхароў да Адміністрацыі раёна і Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва пры Мінгарвыканкаме.

Пазбегнуць катлавана ў сваім двары жыхары ўзяліся праз збор подпісаў. За даволі кароткі тэрмін ім удалося сабраць ля 450 "жывых" і больш 600 подпісаў праз платформу petition.by. І гэта без уліку ўсіх зваротаў і заўваг да праекта, якія людзі дасылалі ў рамках абмеркаванняў да камісіі, а таксама ў разнастайныя органы, у тым ліку ў Адміністрацыі Прэзідэнта, Мінгарвыканкам і Камітэт дзяржкантролю.

Мясцовыя жыхары склалі ліст, у якім падрабязна распісалі парушэнні па шэрагу пазіцый:

  • эканамічную, а менавіта экспрапрыяцыя прыватнай маёмасці ўладальнікаў гаражоў і заніжэнне рыначнага кошту кватэр васьмі дамоў праз змяненні зфарміраванай унікальнай і зялёнай унутрыдваравой тэрыторыі;
  • экалагічную праз высечку шматлікіх дрэваў і хмызняку, што часткова кампенсуюць да сённяшняга дня загазаванасць скрыжавання вуліцы Сурганава і праспекту Незалежнасці;
  • транспартную праз стварэнне дадатковага патоку аўтамабіляў з улікам з'яўлення новых аб'ектаў і парковак ля іх;
  • санітарна-эпідэміялагічную, з улікам арганізацыі цэнтралізаванага месца для збора смецця з васьмі шматкватэрных дамоў і чатырох аб'ектаў харчавання ля жылых дамоў №№74, 72, 72а. А таксама стварэнне дадатковай колькасці адходаў праз ушчыльненне квартала новымі аб'ектамі;
  • сацыяльна-прававую і ідэалагічную праз тое, што інтарэс інвестараў ставіцца вышэй за правы і інтарэсы грамадзян.

Асаблівую ўвагу чыноўнікаў звярнулі на парушэнні дадзеным праектам не столькі архітэктурна-горадабудаўнічых нормаў, якія звыкла разглядаюцца пры абмеркаваннях ПДП, колькі нормы Жыллёвага кодэксу і правоў гараджан, што нададзены ім Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

"Каму магла прыйсці ў галаву ідэя сапсаваць рэкрэацыйна-спартыўную тэрыторыю камерцыйнай забудовай? Каму трэба, каб будучыя алімпійскія чэмпіёны і звычайныя фізкультурнікі дыхалі выхлапамі аўто, пад'язджаючых да офіснага і гандлёвага цэнтраў? Хто хоча зрабіць так, каб супрацоўнікі аднаго з вядучых інстытутаў Акадэміі навук з цяжкасцю працісківаліся праз загружаную вуліцу па дарозе на працу? Хто хоча пазбавіць жыхароў — мам з дзецьмі, пенсіянераў — звыклага для іх зялёнага двара? І галоўнае — якія стымулы прымушаюць чыноўнікаў прасоўваць рашэнні, загадзя пагаршаючыя гарадское асяроддзе і ўшчымляючых права людзей на спрыяльную экалогію? Ці няма ва ўсім гэтым карупцыйнай складаючай? Магчыма варта да разбіральніцтва ў сітуацыі прыцягнуць Камітэт дзяржаўнага кантролю і іншыя кампетэнтныя органы?", — гэтыя пытанні пакуль бы павіслі ў паветры.

Аднак ужо сёння, 3 жніўня, пачнецца паседжанне камісіі, што разглядзіць усе заўвагі і прапановы ад мясцовых жыхароў па праекце. Пасля чаго будзе прынята рашэнне па рэалізацыі, дапрацоўцы ці адмене плана. У састаў камісіі, дарэчы, увайшло трое прадстаўнікоў мясцовых жыхароў.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 03.08.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.