Паркоўкі, панэлькі, раварысты: як трэба праектаваць Мінск?

Шостага жніўня вынесены на грамадскае абмеркаванне праект тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі «Горадабудаўніцтва. Правілы забудовы і планавання г. Мінску».

Калі вам надакучыў савецкі падыход да праектавання сталіцы і вы лічыце, што горад мог бы выглядаць інакш – гэтая навіна для вас. У Мінску збіраюцца ўдакладніць горадабудаўнічыя патрабаванні, якія датычацца планавання і забудовы Мінска – двухмільённай сталіцы рэспублікі і цэнтру агламерацыі. Так яго апісваюць праектавальнікі.

Абмеркаванне новага ТКП (тэхнічнага кодэксу ўсталяванай практыкі – рус.) пачалося 6 жніўня і працягнецца да 12 кастрычніка, а значыць, на працягу двух месяцаў можна даслаць свае заўвагі і прапановы, якія могуць быць улічаныя ў новым ТКП. Зацвердзіць яго плануюць у 2019 годзе, замяніўшы дакумент 2008 году (ТКП «Горадабудаўніцтва. Населеныя пункты. Нормы планіроўкі і забудовы»).

Дакумент з'явіцца ў рамках прац па Генплане 2016 года. Распрацоўшчыкам з'яўляецца праектны інстытут "Мінскграда", адказным органам – Мінгарвыканкам. Праект можна спампаваць на сайце stb.by, там жа ёсць тлумачальная запіска і падрабязная абвестка пра абмеркаванне.

Між тым, энтузіязм вакол абвесткі прыцішаюць журналісты з агенцыі «Мінск-навіны»: спасылаючыся на размову з распрацоўшчыкам, яны пішуць, што пытаць гараджан ніхто не плануе. Але калі будуць заўвагі, то ўсё ж падумаюць.

"Распрацоўшчыкі звяртаюць увагу, што не варта блытаць азнаямленне з грамадскім абмеркаваннем. Дадзены праект выстаўляецца для інфармавання грамадзян. Праўда, усе пажаданні, калі такія пасТКПяць ад мінчукоў, будуць вывучаныя”, піша сайт.

 

Высокія нормы па паркоўках не давалі ўшчыльняць

Пра актуальнасць дакумента разважае Дзяніс Кобрусеў, кардынатар грамадскай кампаніі «Горад – для гараджан»:

"Зараз горадабудаўніцтва ідзе па ТКП, агульным для ўсіх гарадоў рэспублікі, і гэты ТКП не ўлічвае асаблівасці кожнага канкрэтнага горада. Новы дакумент будзе рэгламентаваць толькі забудову сталіцы. Яго ідэя – адыйсці ад закасцянелых нормаў, што засталіся з савецкіх часоў, і зрабіць горадабудаўніцтва больш гнуткім. І гэта добрая ідэя, пытанне толькі ў тым, наколькі яна ўвасобілася ў ТКП.

Першая ацэнка – новы ТКП не толькі ўдакладняе пэўныя дэталі, але таксама змяншае норму парковачных месцаў пры будаўніцтве. Гэта можа быць негатыўнай зменай: раней здаралася, што менавіта невыкананне гэтай нормы не давала займацца ўшчыльненнем.

Трэба займацца аналізам і знайсці такія змены, выступаць супраць кепскіх і падтрымліваць пазітыўныя. Калі новы ТКП толькі зменшыць параметры па паркоўцы ці азеляненню, то мы зможам сказаць: ён ствараецца дзеля таго, каб гарадскія ўлады маглі працягваць сваю палітыку ўшчыльнення. Але каб аб гэтым казаць, патрэбны дэталёвы аналіз.

 

Мала ўвагі звяртаюць на асяроддзе для людзей

У чым жа галоўныя тэндэнцыі горадабудавання ў Мінску, акрамя ушчыльнення і занадта малой ўвагі да зялёных насаджэнняў?

"З таго, што мы бачым – гэта асноўныя праблемы. Нормы па зялёных насаджэннях дэкляруюцца, і яны не горшыя за берлінскія: там рэкамендацыйная норма складае 7-8 м2 на чалавека. У нас – 8-9 м2 на чалавека, але ў рэальнасці яна не выконваецца, - кажа Дзяніс Кобрусеў.-  Але ёсці і другі момант: у нас мала ўвагі звяртаюць на асяроддзе, у якім людзі будуць жыць. Гэта не рэгламентуецца ТКП, і адзінкавыя забудоўшчыкі намагаюцца ствараць двары без машын (як, напрыклад, А-100). Іншыя так не робяць, бо жыллё ў іх набудуць і так. Было б лагічна мець нормы па камфортным асяроддзі, каб яны зрабіліся правілам для ўсіх гульцоў".

Адна з новых вуліц у Львове, адасобленыя зоны для пешаходаў, раварыстаў і аўтамабілістаў. Фота – Павал Нішчанка

 

Праблема – панэльнае домабудаўніцтва, таннае і хуткае

Але якім бы не зрабіўся новы ТКП, гэта не зменіць набор ведаў, якім валодаюць праектыроўшчык?

"Безумоўна, але горадабудаўніцтва – комплексная праграма, ад навучання ў ВНУ да практыкі, і нельга яе змяніць адным законам.

Я ведаю людзей з маладога пакалення ў праектных інстытутах, якія хочуць зрабіць лепш, але не могуць спраектаваць, бо тэхнічныя кодэксы не дазваляюць адыходзіць ад звычайнай практыкі.

Іншая праблема – панэльнае домабудаўніцтва, таннае і хуткае; захоўванне мікрараённага маштабу забудовы (Каменная горка і нават Лошыца).
Віцэ-прэм’ер Калінін з года ў год кажа, што трэба пераходзіць да квартальнай забудовы, але пакуль гэта толькі ўзровень размоваў
".

 

Роварная інфраструктура метадам тыку

Новы кодэкс можа зрабіцца першым дакументам, які рэгулюе будаванне велаінфраструктуры – лічыць чалец праўлення Мінсага роварнага таварыства Яўген Харужы:

Гэты ТКП ствараецца, бо Мінск не падобны да іншых гарадоў: гэта буйная агламерацыя, дзе значную ролю грае інтэграваная транспартная сістэма вялікага маштабу, з вузламі перасадкі і прыгарадным транспартам.

З кропкі гледжання велаінфраструктуры ў існуючых дакументах пра роварную інфраструктуру амаль нічога няма. У бягучых будаўнічых ТКП толькі згадваецца, што сетку роварных маршрутаў трэба стварыць. І ўсё.

Гэта будзе першы ТКП, дзе будуць падрабязна разглядацца прынцыпы яе планавання, але ў дакуменце не мусіць быць нічога, што адрознівала б Мінск ад іншых гарадоў".

Фота – Дзяніс Зелянко

Што азначае “нічога няма”? Бо інфраструктура з’яўляецца.

"Тым не менш, у ТКП “Вуліцы населеных пунктаў”, дзе апісаныя патрабаванні да веласцежак, каля 5 пунктаў агульнага характару: шырыня, дзе сцежкі усяць быць размешчаныя, якія патрэбныя радыюсы паваротаў і гэдак далей… Гэта тэхнічныя патрабаванні, і няма больш высокаўзроўневых. Калі іх можна рабіць? Калі веласцежка, а калі – велапаласа?"

"Сёння веласцежкі ў горадзе робяцца метадам тыку. Кожны праектавальнік робіць так, як прынята ў яго асяродку. Напрыклад, у ПДП пачалі закладаць веласцежкі, але яны перарываюцца на скрыжаваннях. Чаму? Толькі таму, што так склалася".

Ілюстратыўнае фота

 

Веламаршруты, а не асобныя сцежкі

"Мы прапануем увесці панятак “веламаршрут”, які б складаўся з розных формаў арганізацыі веларуху. Бо зараз у ТКП ідзе гаворка толькі пра веласцежку ці пра сетку веласцежак. Але велатранспарт можа выкарыстоўваць сетку маршрутаў, якая складаецца з веласцежак і велапалос, ды й проста тратуараў ці незагружаных дарог – пра гэта гаворка не ідзе.

І таму ў нас з’яўляюцца кавалкі сцежак, ніяк не злучаныя між сабой, альбо веласцежкі там, дзе яны непатрэбныя: па вуліцы, дзе і так амаль няма руху”.

Капенгаген, Данія. Фота – Яўген Харужы


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 08.08.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.